Меню

"Аліварыя" праз стагоддзе адрадзіла стыпендыю Чапскага для мінскіх студэнтаў

9 чэрвеня пяць сталічных студэнтаў — фіналісты сумеснага праекта Мінгарвыканкама і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце "Мінская змена" — атрымалі імянныя стыпендыі "Аліварыі" за ўнёсак у развіццё Мінска і працяг стваральнай справы Караля Яна Чапскага.

На працягу паўгода студэнты будуць штомесяц атрымліваць прыбаўку ў 600 тысяч да сваёй стандартнай стыпендыі. Такую форму заахвочвання ініцыятыўных мінскіх студэнтаў кіраўніцтва кампаніі плануе зрабіць штогадовай. 

2015 год аб'яўлены Годам моладзі. Таксама сёлета адзначаецца важная для мінчан дата — спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння знакамітага граданачальніка Караля Яна Чапскага. Кампанія "Аліварыя", якая займаецца аднаўленнем гістарычнай спадчыны Чапскага, прыняла рашэнне адрадзіць стыпендыю  імя таленавітага дзяржаўнага дзеяча, пераўтварэнні якога наблізілі горад да еўрапейскіх стандартаў якасці жыцця.

Падчас кіраўніцтва Караля Чапскага ў Мінску з'явіліся тэатр, электрастанцыя, тэлефонная станцыя, электрычнае асвятленне, новыя навучальныя ўстановы, у тым ліку Марыінская жаночая гімназія, одна з найлепшых жаночых навучальных устаноў таго часу. Неўзабаве пасля смерці знакамітага мінскага граданачальніка была заснаваная стыпендыя яго імя, якая выплачвалася самым здольным навучэнцам.

Праз сто гадоў “Аліварыя” адрадзіла традыцыю заахвочвання найлепшых студэнтаў і заснавала штогадовую Стыпендыю Чапскага. Яе атрымліваюць аўтары сацыяльна значных праектаў, якія былі рэалізаваныя ў Мінску і зрабілі жыццё мінчан больш камфортным, у рамках рэспубліканскага праекта “Мінская змена”.

Гэты праект, арганізатарамі якога з'яўляюцца Мінгарвыканкам і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, выяўляе лідараў сярод студэнцкай моладзі, далучае іх да распрацоўкі і рэалізацыі праектаў па асноўных накірунках развіцця сталіцы. За восем гадоў існавання “Мінскай змены” студэнты-ўдзельнікі распрацавалі больш за 50 праектаў, закліканых палепшыць гарадское асяроддзе, больш за палову з іх былі рэалізаваныя на практыцы.

Пачынаючы з гэтага года, найлепшыя ўдзельнікі “Мінскай змены” будуць адзначацца  “Аліварыяй” праз імянную Стыпендыю Чапскага, якая складзе 600 тыс. рублёў штомесяц на кожнага студэнта з праектнай каманды.

Уручэнне Стыпендыі Чапскага першым лаўрэатам адбылося 9 чэрвеня ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Яраслава Балвановіча – начальніка аддзелапа справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, Аляксандра Іваноўскага — першага прарэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Дзяніса Шарсценнікава, генеральнага дырэктара ААТ “Піўзавод Аліварыя”. На цырымонію былі запрошаныя студэнты – фіналісты “Мінскай змены: Лідар-2014” і аўтары праектаў гэтага года.

 Каб стаць паспяховым у будучыні, трэба праявіць актыўнасць і настойлівасць ужо сёння, – сказаў генеральны дырэктар ААТ “Піўзавод Аліварыя” Дзяніс Шарсценнікаў. – Удзел у такіх праектах, як “Мінская змена” – гэта цудоўны  старт для маладых людзей на шляху да поспеху. А адноўленая намі Стыпендыя Чапскага — дадатковы стымул. Караль Ян Чапскі стаў мінскім граданачальнікам у 30 гадоў, гэта дастаткова малады ўзрост. Яго асабістыя ініцыятывы змянілі жыццё Мінска. Я спадзяюся, што сярод мінскіх студэнтаў ёсць такія ж амбіцыёзныя і ініцыятыўныя маладыя людзі, пра якіх мы яшчэ пачуем у будчыні.